6 жніўня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Кандыдаты ў прэзідэнты змогуць выбіраць паміж выступленнем у прамым эфіры і запісам загадзя, заявіла сёння старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на пасяджэнні ЦВК, на якім разглядаюцца пытанні падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выступленне ў прамым эфіры - гэта не толькі вельмі рэйтынгава, але і цяжка. І нявопытныя кандыдаты, магчыма, пабаяцца выкарыстаць час у прамым эфіры, таму яны могуць папрасіць магчымасць запісу, а пасля гэтага можна будзе пры жаданні штосьці адкарэкціраваць", - сказала Лідзія Ярмошына.
Паводле слоў старшыні ЦВК, да яе нядаўна звярнуўся кіраўнік адной з ініцыятыўных груп з прапановай, каб у дакументы Цэнтрвыбаркама было ўключана палажэнне, якое абавязвала б Белтэлерадыёкампанію напярэдадні ўсіх перадач сустракацца з кандыдатамі, інструктаваць іх і вызначаць парадак вядзення гэтай перадачы. "Мы параіліся і прыйшлі да высновы, што гэта ўсё ж такі тэхнічнае пытанне, якое павінна вырашацца Белтэлерадыёкампаніяй. Мы ўжо вусна запыталі згоду, і Белтэлерадыёкампанія поўнасцю пацвердзіла, што гатова праводзіць такі інструктаж", - адзначыла яна. Такім чынам, у хуткім часе з'явіцца ўнутраны дакумент медыяхолдынга (ён будзе ўзгоднены Лідзіяй Ярмошынай), дзе будуць вызначаны абавязкі Белтэлерадыёкампаніі па папярэднім абмеркаванні ўсіх момантаў удзелу кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта ў перадачах. "Гэта просьба будзе задаволена", - падкрэсліла старшыня ЦВК.
Яна звярнула ўвагу, што кожны кандыдат мае права апублікаваць бясплатна сваю перадвыбарную праграму ў асобных цэнтральных і абласных газетах. "Прычым тэкст перадвыбарнай праграмы павінен быць прадстаўлены не пазней за 20 верасня. Дарэчы, гэта вечная хвароба нашых кандыдатаў - спазняцца з прадастаўленнем тэксту", - адзначыла Лідзія Ярмошына. Таксама кандыдаты маюць права за кошт сродкаў асабістага фінансавага фонду купляць эфірны час у тэлевізійным, радыёвяшчальным СМІ, месца для публікацыі ў друкаваных СМІ, на інфармацыйных рэсурсах і іх састаўных частках у інтэрнэце. "Усё гэта аплачваецца за кошт асабістых фінансавых фондаў самім кандыдатам", - падкрэсліла яна.