5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 900 замежных наглядальнікаў акрэдытавана для маніторынгу выбараў Прэзідэнта Беларусі. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама, паведамляе БЕЛТА.
Ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ АБСЕ) акрэдытаваны 344 наглядальнікі, ад выбарчых органаў замежных дзяржаў - 19, ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў - 382 (у тым ліку ад Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД (МПА СНД) - 44). Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) акрэдытавала 9 прадстаўнікоў, Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) - 68, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС) - 7.
Акрамя таго, акрэдытацыю для маніторынгу галоўнай электаральнай падзеі ў Беларусі атрымалі 64 прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і 17 незалежных наглядальнікаў.
Такім чынам, па стане на 5 кастрычніка акрэдытацыю атрымалі 910 міжнародных наглядальнікаў.
Згодна з пастановай Цэнтрвыбаркама Беларусі, замежныя наглядальнікі, акрамя таго, маюць права сустракацца з кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі, прадстаўнікамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Ім прадастаўлена права прысутнічаць пры датэрміновым галасаванні, галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў, правядзенні паўторнага падліку галасоў выбаршчыкаў, назіраць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання.
Акрамя таго, замежныя наглядальнікі маюць права атрымліваць інфармацыю аб выніках падліку галасоў і складанні пратаколаў тэрытарыяльных і ўчастковых камісій аб выніках галасавання; знаёміцца з пратаколамі ўчастковых, раённых, гарадскіх, раённых у гарадах, абласных, Мінскай гарадской камісій па выбарах Прэзідэнта аб выніках галасавання, падпісанымі і накіраванымі ў вышэйшую камісію.
Пасля дня галасавання замежныя наглядальнікі могуць публічна выказваць сваё меркаванне аб выбарчым заканадаўстве краіны, аб падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, праводзіць прэс-канферэнцыі, звяртацца ў СМІ і г.д.