17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі тэмп росту рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе ў адносінах да 2015 года складзе 109,5-111,6 працэнта. Павышэнне рэальнага ўзроўню ўсіх відаў грашовых даходаў прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, які будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Меры ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. У рэальным сектары эканомікі пашырыцца прымяненне гібкіх сістэм аплаты працы. Рост рэальнай заработнай платы будзе ўвязаны з ростам прадукцыйнасці працы.
Суадносіны заработнай платы бюджэтнікаў і сярэдняй заработнай платы ў эканоміцы плануецца забяспечыць у 2020 годзе на ўзроўні не ніжэйшым за 80 працэнтаў. Гэта прадугледжваецца забяспечыць праз аптымізацыю функцый і колькасці занятых у бюджэтнай сферы. Памер мінімальнай велічыні, што выкарыстоўваецца пры вылічэнні ставак (акладаў, службовых акладаў) бюджэтнікаў будзе паэтапна набліжацца да бюджэту пражытачнага мінімуму, у перспектыве - да мінімальнага спажывецкага бюджэту.
Павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў плануецца забяспечыць за кошт устанаўлення штогадовага памеру мінімальнай заработнай платы на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту ў сярэднім на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек.