17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інстытут "падатковых дэпазітаў", якія стымулююць вывад даходаў і капіталу з ценю, будзе ўведзены ў Беларусі. Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, якая будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Рэзідэнтам Беларусі, якія задэкларавалі даходы звыш устаноўленай дзяржавай сумы і заплацілі з іх падаткі, будзе гарантавана безумоўнае захаванне падатковай і камерцыйнай тайны, падкрэсліваецца ў праекце праграмы.
Згодна з дакументам, узровень падатковай нагрузкі не павялічыцца і складзе не больш як 26 працэнтаў ад ВУП. Для дасягнення гэтай мэты прадугледжваецца ўвядзенне мараторыя на пагаршэнне падатковага заканадаўства, павышэнне эфектыўнасці падатковай сістэмы для стымулявання інвестыцыйнай і інавацыйнай актыўнасці, удасканаленне падыходаў да спагнання падатку на нерухомую маёмасць і экалагічнага падатку. Прапануецца таксама вызваленне ад падатку на дабаўленую вартасць унутрыхолдынгавых абаротаў тавараў (работ, паслуг), забеспячэнне пераходу на электроннае абслугоўванне плацельшчыкаў.