3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзел моладзі ва Усебеларускім народным сходзе важны для рэалізацыі планаў на будучае. Такім меркаваннем падзялілася з журналістамі намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Удзел моладзі ў такім знакавым мерапрыемстве, як Усебеларускі народны сход, вельмі важны. Мы будзем абмяркоўваць перспектывы развіцця нашай дзяржавы на бліжэйшае пяцігоддзе. Моладзь - гэта тое пакаленне, якому рэалізоўваць усе гэтыя планы", - сказала Наталля Качанава.
Выбраным дэлегатамі Усебеларускага сходу маладым людзям аказаны давер з боку іх рэгіёнаў, адзначыла намеснік прэм'ер-міністра. Моладзь адчувае пачуццё гонару за нашу краіну, пачуццё яднання, падкрэсліла яна.
"Дыялог пакаленняў "Кветкі Вялікай Перамогі", адкрыццё якога адбылося сёння ў Мінску напярэдадні Усебеларускага сходу, паводле слоў Наталлі Качанавай, важны, паколькі дае магчымасць чуць меркаванне моладзі па ўсіх актуальных пытаннях.
Новы праект БРСМ "Дыялог пакаленняў "Кветкі Вялікай Перамогі" стартаваў сёння ў парку Перамогі ў Мінску з удзелам дэлегатаў V Усебеларускага народнага сходу ад моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі, ветэранаў вайны і працы, парламентарыяў, прадстаўнікоў навукі, палітыкі, бізнесу, спорту, культуры і гэтак далей. Удзельнікі абмяркоўваюць праблемы і пытанні, якія датычацца маладзёжнай тэматыкі, а таксама прапануюць эфектыўныя шляхі іх вырашэння. Чакаецца, што па выніку будуць выпрацаваны канкрэтныя прапановы для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе.