22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усебеларускі народны сход - гэта магчымасць параіцца непасрэдна з грамадзянамі. Такое меркаванне сёння выказала старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ў эфіры праграмы "Навіны" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"Усебеларускі сход - ужо наша традыцыя, традыцыя Беларусі постсавецкага перыяду. З 1996 года праводзяцца сходы, паколькі ніякай іншай формы сучаснае грамадства не выдумала, формы, калі раяцца непасрэдна з народам", - сказала Лідзія Ярмошына.
Яна адзначыла, што высветліць меркаванне грамадзян Беларусі можна і на рэферэндуме, але працэдура яго правядзення мае характэрныя спецыфічныя асаблівасці. "Мы ведаем, што рэферэндум - гэта, па-першае, дарагое мерапрыемства, і, па-другое, там усё ж такі няма жывога голасу асобнага грамадзяніна, які можа выступіць на Усебеларускім сходзе", - дадала Лідзія Ярмошына.
Як паведамлялася, Пяты Усебеларускі народны сход адкрываецца сёння ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Дэлегаты сходу абмяркуюць вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады і асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Галоўная мэта на бягучую пяцігодку - павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. Для дасягнення пастаўленых мэт развіццё краіны будзе грунтавацца на такіх прыярытэтах, як інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь. Удзельнікамі мерапрыемства стануць 2,5 тыс. чалавек. На форуме збяруцца прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Дэлегатамі форуму стануць таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў. На Усебеларускі народны сход запрошаны каля 150 гасцей, у тым ліку амаль 100 - з-за мяжы.