17 мая, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Насельніцтва Беларусі настроена пазітыўна напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, паведаміў сёння журналістам дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) Аляксей Дзербін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле даных ІАЦ, людзей найбольш хвалююць пытанні эканамічнага характару: цэны, тарыфы, даходы і г.д. "Абсалютная большасць настроена пазітыўна. У людзей ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні", - акцэнтаваў увагу дырэктар цэнтра.
"Адна з асноўных тэм (на Усебеларускім народным сходзе. - Заўвага БЕЛТА) - праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта сапраўды тая тэма, якая закранае актуальныя для насельніцтва пытанні", - сказаў Аляксей Дзербін.
Ён таксама растлумачыў, што ІАЦ не праводзіў спецыяльных даследаванняў адносна таго, якое стаўленне складваецца ў насельніцтва наконт маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу. Але пры гэтым Аляксей Дзербін адзначыў, што цэнтр пастаянна адсочвае настроі, якія ёсць у грамадстве. Для гэтага выкарыстоўваюцца сацыялагічныя апытанні і розныя адкрытыя крыніцы.
Аляксей Дзербін прымае сёння ўдзел у рэспубліканскай нарадзе ідэалагічнага актыву, якая праходзіць на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. У тым ліку на гэтым сходзе абмяркоўваюцца пытанні правядзення Усебеларускага народнага сходу і выбараў у парламент.