21 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. 70-гадовы юбілей Вялікай Перамогі - вельмі важны этап у жыцці краіны. Аб гэтым заявіў сёння на ўрачыстым адкрыцці фотавыстаўкі БЕЛТА "Перамога - адна на ўсіх" у Брэсце генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выстаўка, прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, падарожнічае па гарадах Беларусі ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта "Кветкі Вялікай Перамогі!". У Брэсце экспазіцыя размясцілася ў кінатэатры "Беларусь". Тут прадстаўлена 50 рарытэтных чорна-белых і сучасных каляровых фатаграфій з архіва БЕЛТА, на якіх паказаны салдаты Чырвонай Арміі, партызаны, работнікі тылу, урачыстыя моманты святкавання Дня Перамогі. Аўтары работ - ваенныя карэспандэнты і цяперашнія супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва.
"Дата, якую мы адзначаем, - вельмі важны этап у жыцці нашай краіны. Мы ўсе дакладна павінны разумець: 70 гадоў таму мы атрымалі сваю незалежнасць. І трэба нам усім, асабліва маладым людзям, помніць, што народ, які забывае сваю гісторыю, атрымлівае вайну. На жаль, за прыкладам далёка хадзіць не трэба", - сказаў Дзмітрый Жук. Ён адзначыў, што гісторыю перапісваюць і будуць перапісваць, але гэтыя фатаграфіі ўжо ніхто не зменіць. "Мы бачым, што тады адбывалася. Безумоўна, гэта гераізм, мужнасць. Але перш за ўсё гэта страх і жах - тое, чаго мы не маем права дапускаць на сваёй зямлі", - падкрэсліў кіраўнік інфармагенцтва.
У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, ААТ "ААБ Беларусбанк", ветэраны, школьнікі, грамадскасць. "Фотавыстаўка адлюстроўвае патрыятызм народа, ветэранаў, якія абаранялі нашу краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фатаграфіі паказваюць моладзі ўсё, што было звязана з трагізмам Вялікай Айчыннай вайны", - адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама - начальнік упраўлення культуры Сяргей Панасюк.
Брэст стаў апошнім пунктам на карце падарожжаў выстаўкі па абласных цэнтрах Беларусі. "Брэст не завяршае выстаўку. Гэта пераходны этап ад абласных цэнтраў да іншых буйных гарадоў. У нас ёсць заяўкі з Оршы, Маладзечна", - паведаміў гендырэктар БЕЛТА.
У Брэсце выстаўка будзе працаваць на працягу дзесяці дзён.