14 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Выстаўка "Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фатаграфіях" адкрылася 13 мая ў Маскве ў пасольстве Беларусі ў Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Акрамя фотаматэрыялаў экспазіцыя ўключае ў сябе ўнікальныя артэфакты абароны Брэсцкай крэпасці, матэрыялы сямейных архіваў, якія расказваюць аб удзельніках баявых дзеянняў.
"Сёння Брэсцкая крэпасць - агульнапрызнаны помнік гісторыі, - сказала на цырымоніі адкрыцця намеснік дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Ларыса Бібік. - Але для ўсіх нас яна яшчэ сімвал мужнасці і смутку. Галоўнае, што Брэсцкая крэпасць з'яўляецца сімвалам памяці. І гэта памяць абавязкова павінна быць захавана, чаму таксама будзе садзейнічаць выстаўка".
Ларыса Бібік адзначыла, што экспазіцыя пабывала ўжо ў Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Германіі, Польшчы і Казахстане. Цяпер яе могуць убачыць расіяне.
"Вельмі радасна і ўрачыста быць на гэтай выстаўцы, - падкрэсліў удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці Пётр Кацельнікаў. - Наведваючы Брэст, я заўсёды ўспамінаю цяжкія першыя дні вайны".
Выстаўка "Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фатаграфіях" адкрылася ў рамках святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі пасольства Беларусі ў Расіі і дырэкцыя дзяржаўнай установы "Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой".