7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя фотаальбома БЕЛТА "Перамога. Помнім і ганарымся", выдадзенага сумесна з ААТ "ААБ Беларусбанк", адбылася сёння на выстаўцы "Этапы вялікай перамогі" ў цэнтральным апараце банка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У фотаальбоме сабрана каля 400 унікальных фотаздымкаў з архіва БЕЛТА, у тым ліку такіх вядомых ваенных карэспандэнтаў, як Уладзімір Лупейка, Васіль Аркашоў і Міхаіл Савін. Фатаграфіі расказваюць пра апошнія перадваенныя гады, франтавыя будні, партызанскі рух, работу ў тыле, вызваленне Беларусі, аднаўленне краіны з руін, мемарыялізацыю памяці пра подзвіг народа.
"Мы адразу падтрымалі прапанову Беларускага тэлеграфнага агенцтва аб выданні фотаальбома аб тых значных і знакавых для нас гадах. Я глыбока перакананы, што мы павінны зрабіць усё магчымае, каб нашы дзеці, унукі, праўнукі ведалі, цанілі і ганарыліся Перамогай. Мы павінны не дапусціць перагляду яе вынікаў. Сёння гэта вельмі няпроста, але я хачу верыць, што мы справімся", - сказаў старшыня праўлення ААТ "ААБ Беларусбанк" Сяргей Пісарык.
У адкрыцці фотавыстаўкі таксама прыняў удзел Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у фонды якой былі ўрачыста перададзены некалькі экзэмпляраў фотаальбома. У далейшым "Беларусбанк" плануе распаўсюдзіць выданне па рэгіянальных бібліятэках, вышэйшых навучальных установах і падшэфных установах адукацыі. "Фатаграфіі ваенных гадоў бясцэнныя, і калі гэта кніга трапіць у бібліятэкі па ўсёй краіне, у моладзі з'явіцца ўнікальная магчымасць пагартаць яе старонкі і паглядзець у вочы тых, хто вяршыў гісторыю ў той час", - адзначыў Раман Матульскі.
Пачэсным госцем мерапрыемства стала малалетняя вязніца канцлагера Азарычы Вера Салановіч - гераіня здымка, які ўвайшоў у фотаальбом "Перамога. Помнім і ганарымся". Прадстаўнікі банка ўручылі ёй падарункі да 70-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.