7 мая, Хельсінкі /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстаўка Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Перамога - адна на ўсіх", прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адкрылася сёння ў Хельсінкі (Фінляндыя), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Экспазіцыя ўключае каля 50 фотаздымкаў. Тут прадстаўлены рарытэтныя чорна-белыя фатаграфіі з архіва БЕЛТА, у тым ліку вядомых ваенных карэспандэнтаў і малавядомыя кадры, а таксама лічбавыя каляровыя фотаработы цяперашніх супрацоўнікаў Беларускага тэлеграфнага агенцтва.
Выстаўка "Перамога - адна на ўсіх" паказвае аўтарскі погляд праз аб'ектыў фотакамеры на розныя бакі і перыяды вайны (франтавыя бітвы, работа ў тыле, партызанская і падпольная барацьба, пакуты мірнага насельніцтва). Значная частка фотаздымкаў прысвечана тэме вызвалення абласных гарадоў рэспублікі, перыяду пасляваеннага аднаўлення.