4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі выдала
кнігу-фотаальбом пра беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі - удзельнікаў парадаў 1941 і 1945 гадоў у Маскве. Аб гэтым паведаміў дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч у час прэзентацыі серыі выданняў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае карэспандэнт БЕЛТА."У кнізе ўдалося літаральна па крупінках сабраць звесткі пра беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі - удзельнікаў парадаў у Маскве на Краснай плошчы (7 лістапада 1941 года і 24 чэрвеня 1945 года), а таксама пра ўдзельнікаў парада беларускіх партызан 16 ліпеня 1944 года ў Мінску", - сказаў Уладзімір Андрыевіч.
У выданні змешчаны ўспаміны і аўтабіяграфіі ўдзельнікаў гэтых гістарычных падзей, а таксама іх меркаванні аб значэнні парадаў. Тут сабраны фатаграфіі, архіўныя матэрыялы, прыведзены лічбы. Як адзначыў Уладзімір Андрыевіч, парад савецкіх войскаў 7 лістапада 1941 года па сіле ўздзеяння на ход падзей прыраўноўваецца да вельмі важнай ваеннай аперацыі. Рашэнне яго правесці было прынята для ўмацавання маральнага духу. Гэта была выдатная магчымасць заявіць на ўвесь свет, што Масква стаіць і будзе цвёрда стаяць. "Парад 1941 года стаў парадам надзеі. Усе яго ўдзельнікі пайшлі на фронт. Без яго не было б парада Перамогі ў сорак пятым - таксама па-свойму адзінага і непаўторнага, калі ў шарэнгах зводных палкоў былі маршалы, генералы і афіцэры, сяржанты і салдаты, якія прайшлі дарогамі вайны ад пачатку і да трыумфальнага яе завяршэння", - адзначыў дырэктар.
Сярод іншых навінак выдавецтва, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў ВАВ, якія выйшлі ў 2015 годзе, - біяграфічныя даведнікі "Твае героі, Беларусь! Героі Савецкага Саюза", "Твае сыны, Беларусь. Кавалеры ордэна Славы", "Твае героі, Беларусь! Героі Сацыялістычнай Працы", выданне "Іх імёнамі названы... Вуліцы Мінска".
Старшыня Мінскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Рыгор Рылькоў выказаў словы ўдзячнасці за велізарную работу па стварэнні гэтых кніг. "Захаванне памяці і праўды пра вайну ў такім аб'ёме, у якім вы гэта робіце, - гэта вялікі ўклад", - падкрэсліў ён.