8 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі пражываюць амаль 26 тыс. былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Сярод рэгіёнаў рэспублікі больш за ўсё былых вязняў налічвалася на 1 студзеня бягучага года ў Віцебскай вобласці (6 тыс. чалавек), менш за ўсё - у Гродзенскай вобласці (1,5 тыс.).
У мінулым годзе да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадстаўнікі гэтай катэгорыі жыхароў Беларусі, пацярпелых ад наступстваў вайны, атрымалі аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры Br3,5 млн. Такі ж памер выплаты прадугледжаны і да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне - матэрыяльную дапамогу пачалі выплачваць з 1 красавіка былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па гэтай падставе.
Паводле слоў спецыялістаў, гэтай катэгорыі грамадзян Беларусі заканадаўствам устаноўлена павышэнне памераў пенсій. Яно складае 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (гэта столькі ж, як у ветэранаў ВАВ з ліку блакаднікаў Ленінграда і на 50 працэнтаў больш у параўнанні з павышэннем да пенсіі працаўнікам тылу). Акрамя таго, былым вязням фашысцкіх канцлагераў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання ўстаноўлены падатковыя, жыллёвыя, працоўныя і іншыя льготы.
Нагадаем, з 1 студзеня 2012 года непрацуючым пенсіянерам, якія атрымліваюць пенсію ў органах па працы, занятасці і сацабароне, устаноўлена штомесячная даплата: тым, хто дасягнуў 75 гадоў, - 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, тым, хто дасягнуў 80 гадоў, - 100 працэнтаў. Такія даплаты да пенсіі атрымліваюць і непрацуючыя былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, якія перасягнулі 75-гадовы рубеж. У лютым-красавіку гэтага года мінімальны памер пенсіі па ўзросце роўны Br357 тыс. 25 (гэты нарматыў прымяняецца пры вылічэнні надбавак, даплат да пенсій, павышэнняў пенсій, ён складае 25 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва).
Па рашэнні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.