4 верасня, Полацк /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Эстафета Дня беларускага пісьменства ўрачыста перададзена гораду Іванава Брэсцкай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Юбілейны ХХV Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе пройдзе ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. У Полацку 3 верасня адбылася перадача эстафеты свята.
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што сёлетні Дзень пісьменства ў Полацку насычаны мноствам разнастайных мерапрыемстваў. "Наступны Дзень пісьменства юбілейны, і гэта абавязвае таксама правесці свята на найвышэйшым узроўні", - падкрэсліла яна.
Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук выказаў словы ўдзячнасці ад жыхароў Полацка за права правесці Дзень пісьменства ў Полацку трэці раз. "Палачане зрабілі ўсё, каб свята ўдалося. І мы перадаём эстафету гораду Іванава. Шчаслівай дарогі, Дзень пісьменства", - сказаў кіраўнік раёна.
У сваю чаргу старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун падкрэсліў, што дэлегацыя Іванава з вялікім задавальненнем прыняла ўдзел у святкаванні Дня пісьменства ў Полацку, які з'яўляецца гістарычным цэнтрам культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У горадзе, які быў удастоены гонару прымаць першы Дзень беларускага пісьменства.
"Мы ганарымся тым, што ў 2018 годзе месцам правядзення юбілейнага Дня беларускага пісьменства выбраны наш горад Іванава - старажытны Янаў з багатай гістарычнай спадчынай і духоўнымі традыцыямі народа. На Іванаўшчыне пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, культурнага і грамадскага дзеяча Напалеона Орды. Наша зямля ўзгадавала многіх сучасных літаратараў", - сказаў Юрый Бісун. Ён выказаў упэўненасць, што Іванава дастойна прыме гасцей і пазнаёміць са сваёй спадчынай.