13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная экспазіцыя "Кнігі Рэспублікі Беларусь" на 69-м Франкфурцкім кніжным кірмашы прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.
На стэндзе Беларусі прадстаўлены прысвечаныя Францыску Скарыну і знакавай юбілейнай даце выданні, якія выйшлі ў дзяржаўных выдавецтвах "Мастацкая літаратура", "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі", "Беларусь", Выдавецкі дом "Звязда", "Народная асвета".
Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена каля 1 тыс. кніг 2016-2017 гадоў выпуску рознай тэматычнай накіраванасці. У рабоце кірмашу прымаюць удзел кіраўнікі і прадстаўнікі беларускіх выдавецтваў "Народная асвета", "Адукацыя і выхаванне", "Пачатковая школа", якія спецыялізуюцца на выпуску навучальнай літаратуры, ААТ "Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа", буйнейшай кнігагандлёвай арганізацыі ААТ "Белкніга".
Буйнейшы ў свеце Франкфурцкі кніжны кірмаш (Frankfurter Buchmesse) у бягучым годзе адкрыўся 11 кастрычніка. Гэта з'езд прафесіяналаў, месца, дзе можна азнаёміцца з навінкамі, даведацца пра тэндэнцыі кнігавыдавецкага рынку ў цэлым. Па традыцыі, на форуме адна з краін прысутнічае ў якасці ганаровага госця. У 2017 годзе ім стала Францыя. Штогод у кірмашы ў Франкфурце-на-Майне прымаюць удзел больш як 7 тыс. экспанентаў са 100 краін, яго наведваюць каля 300 тыс. чалавек, акрэдытавана больш за 10 тыс. журналістаў і блогераў.