8 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/.
Беларускія выдаўцы сабралі калекцыю ўзнагарод 14-га Міжнароднага конкурсу дзяржаў - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі". Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася сёння на Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Гран-пры конкурсу атрымала кніга "Сусветная спадчына Францыска Скарыны", выдадзеная на беларускай, рускай і англійскай мовах выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі". Уручаючы ўзнагароду, выканаўчы дырэктар Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД Анатоль Іксанаў падкрэсліў, што 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якое адзначаецца ў бягучым годзе, - значная дата не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Садружнасці. "Беларускія выдаўцы імкнуцца захоўваць і прадаўжаць традыцыі Скарыны - выпускаць якасныя і цікавыя кнігі", - сказаў у сваю чаргу дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі" Уладзімір Андрыевіч.
Згодна з умовамі конкурсу, уладальнік Гран-пры атрымлівае спецыяльны прыз ад Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва: сродкі на падрыхтоўку дадатковага тыражу і рассылку кніг у нацыянальныя бібліятэкі краін СНД.
Беларускія выдаўцы таксама атрымалі ўзнагароды ва ўсіх намінацыях конкурсу, заваяваўшы 5 першых, 3 другіх і 1 трэцяе месца.
Так, у намінацыі "Садружнасць" перамогу атрымала кніга выдавецтва "Беларусь" "Царскія паляванні ў Белавежскай пушчы. Старонкі гісторыі". У намінацыі "Мая краіна" дыплом першай ступені атрымаў альбом "Традыцыйны беларускі касцюм" выдавецтва "Беларуская навука". Лепшай кнігай для дзяцей прызнана казка Алеся Пісьмянкова "Чаму вожык не стрыжэцца", выпушчаная выдавецтвам "Мастацкая літаратура". У намінацыі "Надрукавана ў Садружнасці" першае месца прысуджана альбому "Тураўская рапсодыя" выдавецтва "Чатыры чвэрці". Лепшай навуковай кнігай названы энцыклапедычны даведнік аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, падрыхтаваны выдавецтвам "Беларуская навука".
Дыпломамі другой ступені адзначаны беларускія кнігі "Сустрэчы з роднымі і блізкімі" (выдавецтва
"Звязда", намінацыя "Дыялог культур"), "Руская мова як замежная" (выдавецтва "Аверсэв", намінацыя "Вучэбная літаратура і адукацыя") і "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі" (выдавецтва "Тэхналогія", намінацыя "Мастацтва ілюстрацыі").Дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі "Арт-кніга" ўзнагароджаны зборнік "Прымаўкі ды прыказкі - мудрай мовы прывязкі" выдавецтва "Беларуская навука". Акрамя таго, альбом "Мінск. Праспект Незалежнасці", выпушчаны выдавецтвам "Бяловагруп", адзначаны заахвочвальным дыпломам.
"Мастацтва кнігі" - галоўны агляд кнігавыдаўцоў і паліграфістаў краін Садружнасці. Ён праводзіцца з 2004 года пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД. Задачай конкурсу з'яўляецца заахвочванне лепшых выдавецкіх праектаў, актывізацыя ўзаемадзеяння ў сферы літаратуры і выдавецкай справы, папулярызацыя лепшых дасягненняў у галіне кніжнага мастацтва і развіццё ўзаемаабмену духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі паміж народамі.
У бягучым годзе на конкурс было прадстаўлена 87 выданняў з шасці краін: Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Кыргызстана, Расіі і Туркменістана.