11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 600 дэлегатаў з 22 краін прымуць удзел у міжнародным кангрэсе "500 гадоў беларускага кнігадрукавання" ў Мінску 14-15 верасня, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе пройдзе мерапрыемства.
Удзел у рабоце кангрэса прымуць вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, дыпламаты, кіраўнікі і аўтарытэтныя спецыялісты навуковых, навучальных і культурных устаноў з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Украіны, Чарнагорыі і іншых краін.
500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання - знамянальны юбілей гэтага года і шырока адзначаецца сусветнай супольнасцю. Кульмінацыйная падзея святочных мерапрыемстваў пройдзе ў Беларусі - на радзіме Францыска Скарыны. Міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання" цалкам адпавядае мэтам і ідэям ЮНЕСКА і пройдзе пад патранатам арганізацыі.
Урачыстае адкрыццё кангрэса адбудзецца 14 верасня. Галоўнай тэмай пленарнага пасяджэння стане роля Беларусі ў фарміраванні і захаванні кніжнай спадчыны Еўропы, а таксама спадчына Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў. Выстаўка "Захоўваючы нацыянальную кніжную спадчыну", якая размесціцца ў фае канферэнц-залы, пазнаёміць гасцей мерапрыемства з выдавецкай прадукцыяй, выпушчанай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
У праграме кангрэса - міжнародны круглы стол "Дакументальная спадчына ў Цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне: шляхі захавання, вывучэння і папулярызацыі", XX Агульны сход некамерцыйнага партнёрства "Бібліятэчная асамблея Еўразіі", ХIII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры".
Яшчэ адной яркай падзеяй юбілейных мерапрыемстваў стане ўрачыстае адкрыццё міжнароднай выстаўкі "Францыск Скарына і яго эпоха", якая таксама адбудзецца 14 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам культуры Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай пры падтрымцы Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (СЕІ), Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, Праграмы мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў (MOST).
Афіцыйнымі партнёрамі кангрэса выступаюць Банк БелВЭБ, кампанія "Трэгрос-Інфа" і Агенцтва Уладзіміра Граўцова.