4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вясёлае
зубраня ў беларускай вышыванцы цалкам падышло б у якасці талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў, сталіцай якіх праз два гады стане Мінск. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА чэмпіёнка свету ў бегу на 800 м Марына Арзамасава перад ад'ездам на лёгкаатлетычны планетарны форум у Лондан.На думку праслаўленай бягухі, усе ведаюць, што зубр з'яўляецца адным з самых яркіх і пазнаваемых сімвалаў Беларусі. Што датычыцца талісмана, то ён абавязкова павінен быць гарэзлівым, таму зубраня можа стаць такім персанажам. Прычым, лічыць Марына, яно можа быць розным, паколькі ў праграме Еўрагульняў будзе шмат спартыўных дысцыплін, і мастакі могуць апрануць зубраня ў форму розных відаў спорту.
Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі лічыць, што нараўне з прадстаўнікамі свету жывёл у якасці талісмана Еўрагульняў-2019 можна выкарыстоўваць, як пісаў Максім Багдановіч,
"цвяток радзiмы" васілёк.Паўдзельнічаць у адкрытым рэспубліканскім конкурсе па распрацоўцы талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў можа любы жадаючы. Для гэтага трэба прапанаваць ідэю талісмана,
малюнак і імя. Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада 2017 года. Талісман павінен адпавядаць алімпійскім каштоўнасцям і слогану Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты"). З падрабязнасцямі правядзення конкурсу можна азнаёміцца на сайтах Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі і БЕЛТА. Уладальнікі трох прызавых месц атрымаюць запрашальныя білеты на мерапрыемствы II Еўрапейскіх гульняў, а таксама камплекты парадна-спартыўнай экіпіроўкі нацыянальнай зборнай Беларусі.