3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Талісман ІІ Еўрагульняў павінен быць зразумелым для ўсіх людзей планеты. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні Алена Бялова.
"Я як чалавек, які бачыў мноства талісманаў, магу сказаць, што ў дызайне абавязкова павінна прысутнічаць беларуская сімволіка, пры гэтым важна, каб талісман быў яркі, эфектны і зразумелы для ўсіх людзей планеты", - лічыць Алена Бялова. Яе муж, народны артыст Беларусі Валерый Іваноў падзяліўся меркаваннем, што талісманам павінен стаць традыцыйны для нашых месц бусел або зубр. Паводле яго слоў, гэта сімвалы і брэнды беларускага краю, вядомыя далёка за межамі краіны. Ён лічыць, што ў афармленні талісмана абавязковыя сіні і зялёны колеры.
Паўдзельнічаць у адкрытым рэспубліканскім конкурсе па распрацоўцы талісмана II Еўрапейскіх гульняў можа любы жадаючы. Для гэтага трэба прапанаваць ідэю талісмана, малюнак і імя. Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада 2017 года. Талісман павінен адпавядаць алімпійскім каштоўнасцям і слогану Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты"). З падрабязнасцямі правядзення конкурсу можна азнаёміцца на сайтах Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі і БЕЛТА. Уладальнікі трох прызавых месц атрымаюць запрашальныя білеты на мерапрыемствы II Еўрапейскіх гульняў, а таксама камплекты парадна-спартыўнай экіпіроўкі нацыянальнай зборнай Беларусі.