13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аператыўна-каардынацыйны цэнтр ІІ Еўрапейскіх гульняў (АКЦ) пачаў работу ў Мінску на пр. Пераможцаў, 103. Магчымасці цэнтра сёння прадэманстравалі прэм'ер-міністру Беларусі, старшыні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў Сяргею Румасу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Галоўная задача цэнтра - каардынаваць дзеянні пры планавым развіцці падзей, а таксама выпрацоўваць меры рэагавання на няштатныя сітуацыі ў час правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў (за выключэннем інцыдэнтаў, якія належаць да кампетэнцыі сілавога блока). З 19 чэрвеня па 2 ліпеня ён будзе працаваць у кругласутачным рэжыме, у складзе адной змены задзейнічаюць каля 100 чалавек. Пры стварэнні АКЦ улічылі міжнародны вопыт і прапановы Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.
Інфармацыя аб няштатных сітуацыях у час гульняў адразу будзе трапляць у гэты цэнтр. Пытанні, якія ён будзе вырашаць, ужо цяпер, да старту спаборніцтваў, адпрацоўваюцца на трэніроўках. Адну з іх паказалі сёння кіраўніку ўрада ў аператыўнай зале. Такая трэніроўка штатнага персаналу - прыклад таго, як будзе прымаць рашэнні рабочая змена ў выпадку інцыдэнтаў у час гульняў. У аператыўнай зале будуць знаходзіцца адказныя за розныя напрамкі - пратакол, арганізацыю харчавання, транспартных зносін, тэлетрансляцыі, работу валанцёраў, узаемадзеянне з Еўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі і інш. Тут жа размешчаны перагаворныя пакоі для аператыўнага вырашэння няштатных сітуацый.
Сяргею Румасу таксама прадэманстравалі работу Цэнтра тэхнічных рашэнняў, які ў складзе АКЦ адказвае за рэагаванне на ўсе тэхнічныя інцыдэнты ў час Еўрапейскіх гульняў. Спецыяльнае падраздзяленне будзе займацца кантролем усіх інфармацыйных сістэм, якія абслугоўваюць розныя падрадчыкі - "Белтэлекам" і іншыя аператары сувязі. Па выніках кожнага дня будуць збіраць статыстыку тэхнічных праблем, каб ліквідаваць "вузкія" месцы і папярэдзіць паўтарэнне няштатных сітуацый.
Магчымым інцыдэнтам будуць прысвойваць тры ўзроўні - "чырвоны", "жоўты" або "зялёны" ў залежнасці ад ступені іх сур'ёзнасці. Як растлумачыў дырэктар фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Георгій Катулін, максімальную колькасць інцыдэнтаў неабходна пераводзіць на "зялёны" ўзровень і вырашаць праблемныя пытанні на саміх аб'ектах, таму што нізавое звяно кіравання арганізацыяй Еўрапейскіх гульняў - гэта каардынацыйныя цэнтры непасрэдна на кожным з аб'ектаў спаборніцтваў.
Для адпрацоўкі дзеянняў АКЦ ва ўмовах, максімальна набліжаных да маштабнага мультыспартыўнага форуму, Сяргей Румас прапанаваў да старту спаборніцтваў правесці комплекснае тэсціраванне ўсіх аб'ектаў Еўрапейскіх гульняў. Зрабіць гэта плануецца ў першай дэкадзе чэрвеня.
Асобныя аб'екты гульняў ужо апрабаваны ў рэжыме тэставых спаборніцтваў. У бліжэйшы час пройдуць тэставыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на стадыёне "Дынама". Гэта ключавы аб'ект з улікам таго, што тут пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця гульняў. На мінулым тыдні работу стадыёна правяралі ў час спартыўна-культурнага фестывалю Bright Festival.
Акрамя таго, Сяргей Румас пацікавіўся ступенню гатоўнасці інфармацыйных сістэм для арганізатараў спаборніцтваў, а таксама мабільным дадаткам для гасцей і турыстаў. Для ІІ Еўрапейскіх гульняў было распрацавана спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое ў далейшым можа быць выкарыстана на іншых буйных мерапрыемствах, не абавязкова спартыўных. Кіраўнік урада згадзіўся з тым, што гэты прадукт у далейшым можна камерцыялізаваць. Адна з прапаноў дзяржорганаў - стварыць спартыўную дырэкцыю, якая дапамагала б у арганізацыі мерапрыемстваў, у тым ліку і за мяжой, з выкарыстаннем распрацаванага праграмнага забеспячэння. Прэм'ер-міністр прапанаваў комплексна прадумаць розныя варыянты пасля заканчэння Еўрапейскіх гульняў. Ключавая ўмова - такая дырэкцыя, калі яна будзе створана, павінна паўнацэнна функцыянаваць і зарабляць сродкі, а не існаваць на грошы з бюджэту.
ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.