30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры падрыхтоўцы да правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў зроблена ўжо нямала, але трэба зрабіць яшчэ больш, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння ў Нацыянальным алімпійскім камітэце на выязным пасяджэнні Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мяркуючы па матэрыялах па падрыхтоўцы да правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў, зроблена ўжо нямала. Разам з тым аналіз праведзенай работы сведчыць аб тым, што трэба зрабіць яшчэ больш і ёсць шэраг значных пытанняў, якія да гэтага часу не вырашаны", - адзначыў Сяргей Румас.
Асноўнае пытанне - падрыхтоўка спартыўных аб'ектаў да гульняў. Спаборніцтвы пройдуць на 12 аб'ектах, сёння на пасяджэнні аргкамітэта будзе абмяркоўвацца гатоўнасць кожнага з іх - што ўжо зроблена, што яшчэ трэба будзе зрабіць, ці ёсць неабходнасць у рамонтах, закупцы дадатковага абсталявання, якія заўвагі і прапановы выказваюць міжнародныя эксперты па выніках інспекцыйных візітаў на аб'екты, як пабудавана ўзаемадзеянне дзяржорганаў пры выкананні гэтых прапаноў.
Аргкамітэт таксама разгледзіць падрыхтоўку часовай інфраструктуры, пытанні добраўпарадкавання тэрыторый і арганізацыю харчавання ўдзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў. Сяргей Румас пацікавіўся, ці падрыхтаваны праект кантракта з прапанаваным арганізатарам харчавання ўдзельнікаў гульняў і што з вызначэннем кошту. Дырэкцыі сумесна з зацікаўленымі даручалася дапрацаваць план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і арганізацыі харчавання.
На пасяджэнні прадставяць прапановы па талісманах II Еўрапейскіх гульняў і ўзоры экіпіроўкі ўдзельнікаў спаборніцтваў. Узоры экіпіроўкі членаў спартыўнай дэлегацыі, а таксама асоб, задзейнічаных пры правядзенні гульняў, падрыхтаваны "Беллегпрамам" разам з дызайнерамі.
"Разглядаючы матэрыялы да пасяджэння аргкамітэта, я бачу пытанні да Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў. На гэтым этапе ўжо недастаткова быць сувязным звяном паміж падкамітэтамі і дзяржаўнымі органамі. Сёння колькасць дырэкцыі ўдвая перавышае штаты многіх міністэрстваў. І менавіта дырэкцыя павінна выконваць асноўную работу па падрыхтоўцы да гульняў, а падкамітэты ў сваю чаргу павінны дапамагаць вырашаць міжведамасныя пытанні", - дадаў Сяргей Румас.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года на 12 спартыўных аб'ектах. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 201 камплект узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў 10 відах спорту стануць кваліфікацыйнымі да летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.