4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі і Федэральная мытная служба Расіі падпісалі мемарандум аб намерах па пытаннях узаемадзеяння на перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Падпісанне дакумента адбылося ў час 68-га пасяджэння Савета кіраўнікоў мытных службаў дзяржаў - удзельніц СНД у Душанбэ, паведамілі БЕЛТА ў ДМК.
Дзейнасць гэтага савета накіравана перш за ўсё на вызначэнне і ўдасканаленне прыярытэтных напрамкаў у сферы мытнай справы, гарманізацыю мытных заканадаўстваў дзяржаў - удзельніц СНД, каардынацыю практычнага ўзаемадзеяння мытных і іншых зацікаўленых нацыянальных службаў і ведамстваў, а таксама садзейнічанне рэалізацыі прынятых міждзяржаўных і міжурадавых рашэнняў. У пасяджэнні савета прыняла ўдзел дэлегацыя мытнай службы Беларусі на чале са старшынёй ДМК Юрыем Сянько.
У час мерапрыемства былі прыняты рашэнні, якія датычацца распрацоўкі тыпавой тэхналогіі ўзаемадзеяння мытных органаў і чыгуначных перавозчыкаў дзяржаў - удзельніц СНД. Акрамя таго, прадстаўнікі дэлегацый вызначыліся з удзелам мытных службаў дзяржаў - удзельніц СНД у пілотным праекце Сусветнай мытнай арганізацыі па пашырэнні практыкі выкарыстання рускай мовы ў рабоце. У прыватнасці, былі закрануты пытанні ўнясення змяненняў у рускамоўную версію 6-га выдання гарманізаванай сістэмы апісання і кадзіравання тавараў, адзіную таварную наменклатуру знешнеэканамічнай дзейнасці СНД на яе аснове і тлумачэнні да іх. Таксама было разгледжана пытанне аб зацвярджэнні тыпавых патрабаванняў да бяспекі інфармацыйных сістэм і рэсурсаў мытных органаў.
Прынятыя рашэнні накіраваны на далейшае ўдасканаленне практычнага ўзаемадзеяння мытных службаў дзяржаў - удзельніц СНД па розных напрамках дзейнасці ў сферы мытнай справы.