11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінгарвыканкам плануе заключыць мемарандум з гасцініцамі і прадпрыемствамі грамадскага харчавання аб непавышэнні цэн на Еўрагульнях-2019, заявіў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац 10 верасня ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.
"Цяпер усе гасцініцы праводзяць гібкую цэнавую палітыку. Акрамя таго, мы заключым з усімі аб'ектамі размяшчэння - як дзяржаўнымі, так і прыватнымі - мемарандум аб стрымліванні цэн, мы зафіксуем цэны на 1 студзеня 2019 года. Таксама ідзе размова аб такім жа напрамку і ў сферы грамадскага харчавання, каб у нас было даступна і якасна", - адзначыў Андрэй Шорац.
Паводле яго слоў, падрыхтоўка да Еўрагульняў-2019 праходзіць у планавым рэжыме. "Мы падпісалі 1 верасня кантракт, якім вызначаны ўмовы правядзення II Еўрагульняў. Створаны аргкамітэт пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра, куды ўвайшлі ўсе службы, задзейнічаныя ў арганізацыі мерапрыемства. Усе пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаюцца на аргкамітэце", - расказаў старшыня Мінгарвыканкама.
Андрэй Шорац нагадаў, што ў актыўнай стадыі будаўніцтва знаходзіцца стадыён "Дынама". "Асноўныя работы будуць завершаны ў гэтым годзе, - запэўніў ён. - 21 чэрвеня 2018 года мы дадзім адваротным адлік Еўрагульням і правядзём тут пэўнае знакавае міжнароднае спаборніцтва".
Старшыня Мінгарвыканкама таксама растлумачыў затрымку ў рэканструкцыі стадыёна "Дынама": "Адна арганізацыя ў нас і адна ў Расіі могуць рабіць такі складаны дах. З пункту гледжання імпартазамяшчэння, каб загрузіць свае прадпрыемствы, мы гэту работу аддалі маладзечанскаму заводу металаканструкцый "Прамтэхмантаж". З улікам таго, што дах стадыёна - унікальная канструкцыя, было некалькі тэхналагічных праблем, якія вырашаліся ў рабочым парадку. Затое цяпер мы, беларусы, можам рабіць такі дах".