8 кастрычніка, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. У час ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску будуць працаваць каля 20 інфакропак для турыстаў, паведаміла сёння на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме дырэктар Інфармацыйна-турысцкага цэнтра "Мінск" Алена Пліс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Госці змогуць даведацца пра выдатныя мясціны сталіцы каля спартыўных аб'ектаў, месцаў пражывання, у фанзонах, а таксама ў стацыянарных павільёнах па продажы сувеніраў у Верхнім горадзе, Траецкім прадмесці, на чыгуначным вакзале, у Нацыянальным аэрапорце Мінск.
Плануецца стварыць спецыяльны раздзел для турыстаў у мабільным дадатку, прысвечаным будучай спартыўнай падзеі. Тут размесцяць усю неабходную інфармацыю аб спаборніцтвах, турыстычным патэнцыяле горада, рабоце транспарту.
ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Больш за 4 тыс. спартсменаў разыграюць 201 камплект медалёў. Атлеты будуць спаборнічаць у 23 дысцыплінах, што прадстаўляюць 15 відаў спорту. На мерапрыемстве чакаецца каля 18 тыс. афіцыйных удзельнікаў, спаборніцтвы плануецца трансліраваць на 160 краін.