18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Білеты на II Еўрапейскія гульні з 19 снежня можна будзе набыць у касах афіцыйнага аператара "Цікетпро", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Гульняў.
Старт афлайн-продажаў будзе дадзены ў 12.00 у цэнтральнай касе аператара ў Мінску на праспекце Машэрава. Першым пакупніком папяровых білетаў стане талісман II Еўрапейскіх гульняў 2019 году - Лісяня Лесік.
"Адным з асноўных напрамкаў падрыхтоўкі білетнай праграмы II Еўрапейскіх гульняў стала засцярога ад падробак. Акрамя таго, што кожны білет, як электронны, так і папяровы, будзе ахаваны ўнікальным штрых-кодам, пры вырабе папяровых версій будуць выкарыстаны дадатковыя элементы засцярогі: 3D-галаграма, нанясенне спецыяльнага UV-чарніла і іншыя", - адзначыў начальнік упраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Максім Кашкалда.
Як паведамлялася, пачынаючы з 1 снежня 2018 года ўсе жадаючыя могуць набыць білеты на II Еўрапейскія гульні праз сайт
www.minsk2019.ticketpro.by, а ў Еўропе - праз афіцыйных рэселераў. У Расіі білеты паступілі ўжо ў продаж 15 снежня на сайце афіцыйнага білетнага агента www.ponominalu.ru.Кошт білета на спартыўныя спаборніцтвы вар'іруецца ад Br5, або 2 еўра (для замежных грамадзян) да Br50, або 20 еўра. На цырымонію адкрыцця білеты каштуюць ад Br150 да Br300 у залежнасці ад катэгорыі месца. Цэны білетаў на цырымонію закрыцця крыху ніжэйшыя, іх кошт ад Br70 да Br150.
Агульная колькасць пасадачных месцаў на трыбунах у час II Еўрапейскіх гульняў складзе 381 тыс. з магчымасцю павелічэння іх да 535 тыс. у залежнасці ад попыту і папулярнасці віду спорту.