30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска Марыя Кулінковіч стала бронзавым прызёрам турніру па каратэ ІІ Еўрапейскіх гульняў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння на папярэдняй стадыі ў катэгорыі да 50 кг у раздзеле кумітэ яна была мацнейшай за Шару Хубрыш з Германіі і азербайджанку Нурану Аліеву. У паядынку за выхад у фінал Марыя Кулінковіч ва ўпартай барацьбе ўступіла аўстрыйскай спартсменцы Бэціне Планк. Яшчэ адзін бронзавы медаль у гэтай дысцыпліне дастаўся францужанцы Сафіі Будэрбан.
Чатыры гады таму Марыя Кулінковіч прымала ўдзел у Еўрапейскіх гульнях у Баку, дзе заняла пятае месца. Найбольш значным поспехам спартсменкі з'яўляецца бронзавая ўзнагарода чэмпіянату Еўропы 2016 года.
З 2020 года каратэ ўключана ў праграму Алімпійскіх гульняў, якія адбудуцца на радзіме гэтага віду спорту - у сталіцы Японіі Токіа.