27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі жаночы квартэт у складзе Маргарыты Махнёвай, Надзеі Папок, Вольгі Худзенкі і Марыны Літвінчук заваяваў сярэбраны медаль у байдарцы-чацвёрцы на II Еўрапейскіх гульнях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Апярэдзіць беларусак на дыстанцыі 500 м удалося толькі венгеркам Анне Караш, Дануце Козак, Тамары Чыпес і Эрыцы Медведцкі - 1 мін 41,526 сек. Беларускія спартсменкі ўступілі саперніцам на фінішы больш за адну дзясятую секунды - 1 мін 41,654 сек. Трэцімі сталі польскія вясляркі - 1 мін 42,851 сек.
У 2016 годзе беларускі квартэт у такім складзе стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра.
У трэнерскім штабе каманды ўпэўнены, што дзяўчатам і ў гэтым алімпійскім цыкле ўдасца яшчэ не раз парадаваць балельшчыкаў.
Розыгрыш медалёў на канале ў Заслаўі прадоўжыцца сёння заездамі на 200 м і на 5000 м на байдарках і каноэ.