27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсмены Арцём Козыр і Алена Наздрова занялі першыя месцы ў веславанні на каноэ на спрынтарскай дыстанцыі 200 м на ІІ Еўрапейскіх гульнях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адзін з лідараў у гэтай дысцыпліне ў мужчын не пакінуў шанцаў саперніку. Вынік беларуса - 42,835 сек. Сярэбраная ўзнагарода ў Нікалаэ Крачыуна з Італіі, бронзу выйграў іспанец Альфонса Бенавідэс.
Алена Наздрова, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, упэўнена перамагла на 200 м сярод жанчын. Прадстаўніца Германіі Ліза Ян стала другой, а Дарота Бароўска з Польшчы - трэцяй.
Залатыя ўзнагароды Арцёма Козыра і Алены Наздровай папоўнілі скарбонку беларускіх весляроў на ІІ Еўрапейскіх гульнях медалямі вышэйшай пробы. Раней Марына Літвінчук і Вольга Худзенка перамаглі ў байдарцы-двойцы на 500 м, а ў адзіночцы на гэтай жа дыстанцыі Вольга Худзенка прынесла камандзе другое золата.
У дзённай праграме турніру па веславанні на байдарках і каноэ бронзавыя медалі ў байдарцы на 200 м у беларускай камандзе заваявалі Дзмітрый Траццякоў, на гэтай жа дыстанцыі Вольга Худзенка і Марына Літвінчук сталі трэцімі ў байдарках-двойках, уступіўшы на фінішы ўкраінкам Марыі Поўх/Людміле Кукліноўскай (першае месца) і дуэту з Германіі Цінэ Дзітцэ/Францыске Ён (другое месца).
Заключным відам праграмы на вяслярным канале ў Заслаўі стануць заезды на 5000 м у байдарцы ў мужчын і жанчын.
За спаборніцтвамі на вяслярным канале ІІ Еўрапейскіх гульняў сочыць з трыбуны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
За перыпетыямі барацьбы на водных дарожках таксама назіраюць алімпійскія чэмпіёны па веславанні на байдарках і каноэ Сяргей Макаранка, Аляксандр Багдановіч, Дзмітрый Даўгалёнак.