20 красавіка, Тамбоў /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Тамбоўскую вобласць у развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю цікавіць самы шырокі спектр. Аб гэтым заявіў журналістам губернатар расійскага рэгіёна Максім Ягораў па выніках праведзеных 19 красавіка перагавораў з паслом Беларусі ў Расіі Дзмітрыем Крутым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Тамбоўская вобласць з'яўляецца адным з лідараў сярод расійскіх рэгіёнаў па росце тавараабароту з Беларуссю. Паводле даных губернатара, імпарт з Беларусі ў 2022 годзе вырас у 2 разы, тэмпы росту экспарту - 163 працэнты. "Я думаю, што мы можам ісці толькі наперад", - заявіў ён.
"Нас перш за ўсё цікавяць пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі, сельгастэхніка, якая вызначаецца высокай якасцю, і ў нас могуць быць адкрыты нейкія зборачныя вытворчасці. Сёння мы гэта абмеркавалі, у нас ёсць пляцоўкі, і па гэтым напрамку мы будзем працаваць. Вядома ж, нас цікавіць аўтобусная тэхніка, якая ўжо ездзіць па Тамбове. Былі вялікія пастаўкі, і мы іх хочам аднавіць", - сказаў кіраўнік рэгіёна.
"Пытанне камунальнай тэхнікі актуальна для любога горада Расіі, і мы ведаем, што на базе шасі, якія вырабляюцца на беларускіх прадпрыемствах, і наогул тая беларуская тэхніка, якая можа быць выкарыстана ў гарадах (мабільная, невялікая, ёсць вельмі добрыя ўзоры), - па гэтым напрамку таксама будзем працаваць", - прадоўжыў ён.
"Вядома, у нас асобны напрамак дзейнасці - патрыятычнае выхаванне моладзі. Штогод 22 чэрвеня нашы дзеці ездзяць у Брэсцкую крэпасць. У гэтым годзе паедуць 55 чалавек. І я думаю, што нам трэба нарошчваць сувязі ў патрыятычным выхаванні, таму што ў сучасным свеце нашы так званыя сябры ў двукоссі перакрэсліваюць нашу агульную гісторыю, разбураюць помнікі нашым доблесным воінам, нашай савецкай арміі. Вядома, нам трэба памятаць нашых агульных герояў, і ў гэтым напрамку ёсць вялікае поле дзейнасці", - упэўнены Максім Ягораў.
Закрануў ён таксама тэму развіцця ўзаемнага турызму. "Ёсць што ў вас паглядзець, ёсць што нам паказаць і ёсць чаму нам у вас павучыцца. Прыклад - аграэкатурызм, які вельмі развіты ў Беларусі, і мы хочам гэтыя методыкі і падыходы выкарыстаць на тэрыторыі Тамбоўскай вобласці", - дадаў губернатар.