16 кастрычніка, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Беларусі ўдалося захаваць лепшыя традыцыі савецкай школы. Аб гэтым сказаў старшыня Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі РФ, кіраўнік фракцыі Кампартыі ў Дзярждуме Генадзь Зюганаў сёння журналістам на беларускай выстаўцы на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Генадзь Зюганаў адзначыў, што ў Беларусі робіцца ўсё для таго, каб захаваць лепшыя традыцыі савецкай школы, працоўнага выхавання. Яны прадстаўлены і на беларускай выстаўцы на фестывалі, з якой азнаёміўся сёння кіраўнік Камуністычнай партыі Расіі. Ён з цеплынёй пагутарыў з беларускай моладдзю, сфатаграфаваўся з усімі жадаючымі. "Выдатная дэлегацыя і вельмі цікавая выстаўка", - падкрэсліў Генадзь Зюганаў і запрасіў маладых людзей наведаць на выстаўцы залы, прысвечаныя савецкай эпосе.
Старшыня КПРФ пакінуў добрыя пажаданні для беларускіх спартсменаў, якія будуць удзельнічаць у другіх Еўрагульнях у Мінску ў 2019 годзе.
Сёння на СФМС адбылося пленарнае пасяджэнне дыскусійнай праграмы, прысвечанае 100-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі камсамольцаў і леваарыентаванай моладзі з усяго свету. На пасяджэнні выступілі лідар КПРФ Генадзь Зюганаў, кіраўнік беларускай дэлегацыі на СФМС, міністр адукацыі Ігар Карпенка.
На выстаўцы прадстаўлены дасягненні Беларусі ў розных галінах - ад прамысловасці, адукацыі да культуры. Акцэнт у экспазіцыі зроблены таксама на турыстычным патэнцыяле краіны, буйных спартыўных падзеях - Еўрагульнях-2019 і чэмпіянаце свету па хакеі, які Беларусь прыме ў 2021 годзе разам з Латвіяй. Прадстаўлены самыя яркія напрамкі маладёжнага руху сучаснай Беларусі, розныя напрамкі работы БРСМ, самай масавай маладзёжнай арганізацыі Беларусі і асноўнага сувыканаўцы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Так, на выстаўцы прэзентаваны распрацоўкі маладых беларускіх наватараў - удзельнікаў праекта "100 ідэй для Беларусі", дзейнасць піянерыі, студатрадаўскі і валанцёрскі рух.
СФМС-2017 абяцае стаць буйнейшай падзеяй у сферы міжнароднага маладзёжнага ўзаемадзеяння. Сімвалам фестывалю выбраны
рознакаляровы рамонак, што сведчыць аб пераемнасці традыцый, сувязі пакаленняў, міры і адзінстве ўсёй сусветнай супольнасці. Галоўным элементам сталі каляровыя пікселі як знак з'яднанасці моладзі ўсяго свету ў інфармацыйную эпоху. Фестываль прызначаны кансалідаваць моладзь, садзейнічаць развіццю міжнацыянальнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння.