19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Некаторыя ўдзельнікі II Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus-2016, што праходізць гэтымі днямі ў Футбольным манежы ў Мінску, ужо атрымалі прапановы ад работадаўцаў. Аб гэтым расказаў карэспандэнту БЕЛТА міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, які наведаў спаборніцтвы і паразмаўляў з арганізатарамі, членамі каманд, прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый.
Паводле слоў міністра, прадстаўнікі прадпрыемстваў ужо адзначылі асобных удзельнікаў спаборніцтваў і прапанавалі ім работу. "Гэта добры знак таго, што ў сучасным свеце гэтыя прафесіі запатрабаваны, а нашы майстры і педагогі выдатна падрыхтавалі сваіх вучняў, - адзначыў Міхаіл Жураўкоў. - У Футбольным манежы (згодна са стандартамі міжнароднага конкурсу WorldSkills) прадстаўлена самае сучаснае абсталяванне і тое, што наша моладзь не баіцца гэтых станкоў з праграмным кіраваннем, ведае, як на іх працаваць, заслуга ўсёй сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусі".
"Мы спадзяёмся пераламаць стэрэатып аб тым, што для таго, каб уладкавацца ў жыцці, трэба толькі вышэйшая адукацыя. Гэта мерапрыемства паказвае, што чалавек, які ўмее стругаць, піліць, гатаваць, шыць, вельмі запатрабаваны на рынку працы", - падкрэсліў міністр.
Фіналісты WorldSkills Belarus-2016 дэманструюць майстэрства па 33 рабочых кампетэнцыях (прафесіях). Удзельнікам спаборніцтваў прадастаўлена магчымасць праявіць сваё прафесійнае майстэрства ў 11 новых (у параўнанні з конкурсам 2014 года) кампетэнцыях - вытворчасць мэблі, цяслярскія работы, сантэхніка і ацяпленне, тэхніка халадзільных установак і кандыцыяніравання паветра, графічны дызайн, праграмнае забеспячэнне для бізнесу, вэб-дызайн і кузаўны рамонт аўтамабіля. У студзені-сакавіку ва ўсіх рэгіёнах краіны прайшлі абласныя конкурсы прафесійнага майстэрства. Цяпер маладыя людзі з устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а таксама маладыя рабочыя прадпрыемстваў дэманструюць свае ўменні ў галіне прамысловасці і будаўніцтва, паслуг і тэхналогіі моды, ІТ і транспартных тэхналогій.
Акрамя беларускіх канкурсантаў у нацыянальным чэмпіянаце прымаюць удзел прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Украіны, Фінляндыі, Швейцарыі, Рэспублікі Карэя. Майстэрства ўдзельнікаў ацэньваюць больш як 280 суддзяў, сярод якіх акрэдытаваныя эксперты WorldSkills International. Ганаровым госцем конкурсу стаў прэзідэнт WorldSkills International (WSI) Cайман Бартлі. Па выніках правядзення рэспубліканскага конкурсу будзе сфарміравана нацыянальная зборная, якая 14-19 кастрычніка 2017 года прадставіць Беларусь на 44-м міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Competition у Абу-Дабі (ААЭ).