26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Значнасць сям'і ў Беларусі неабходна павысіць, заявіў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко, уручыўшы падарункі пацыентам РНПЦ "Маці і дзіця" ў рамках дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе ў Беларусі адзначаецца зніжэнне нараджальнасці. Гэта звязана ў першую чаргу са зніжэннем колькасці жанчын фертыльнага ўзросту. Сёння ў краіне шмат форм падтрымкі дзяцей і маці. Але не заўсёды фінансавыя стымулы з'яўляюцца стымуламі для нараджэння дзяцей. Так, мацярынскі капітал паказаў сваю эфектыўнасць толькі ў першыя два-тры гады, а далей сітуацыя стабілізавалася. У Беларусі неабходна павысіць каштоўнасць, значнасць сям'і", - сказаў Васіль Жарко.
Акрамя неабходнасці павышэння нараджальнасці сярод першарадных задач віцэ-прэм'ер назваў захаванне даступнасці аказання медыцынскай дапамогі на ўсіх узроўнях, а таксама тэмпаў інфарматызацыі галіны, што дае магчымасць зняць частку нагрузкі з медперсаналу. "У Беларусь на лячэнне штогод прыязджаюць 160-170 тыс. замежных грамадзян. Гэта сведчыць аб тым, што ўзровень аказання медыцынскай дапамогі, асабліва ў рэспубліканскіх установах, высокі", - адзначыў ён.
Васіль Жарко наведаў радзільнае фізіялагічнае і радзільнае абсервацыйнае аддзяленні РНПЦ. Віцэ-прэм'ер падкрэсліў важнасць правядзення штогадовай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". "Вельмі важна дапамагаць дзецям, праяўляць да іх увагу і берагчы іх. Яны - наша будучыня", - сказаў ён.
Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", якая праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі, стартавала 11 снежня 2017 года і прадоўжыцца па 10 студзеня 2018-га. У час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя бальніцы, дапамагаюць ім у вырашэнні існуючых праблем, уручаюць дзецям падарункі.-0-