18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ірак цэніць пазіцыю Беларусі па барацьбе з тэрарызмам. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Камітэта па замежных справах Савета прадстаўнікоў Ірака Хасан Хамадані ў час сустрэчы з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктарам Гумінскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Хасан Хамадані падзякаваў беларускаму боку за гасціннасць і адзначыў, што парламенцкая дэлегацыя Ірака даўно хацела наведаць Беларусь, але з-за складанай сітуацыі ў яго краіне візіт пастаянна пераносіўся.
"Мы вельмі цэнім пазіцыю Беларусі па барацьбе з тэрарызмам і тое, як яна падтрымлівае нас", - адзначыў прадстаўнік іракскага парламента.
У сваю чаргу Віктар Гумінскі звярнуў увагу, што паміж краінамі заўсёды былі добрыя ўзаемаадносіны ва ўсіх сферах. "Нам і сёння не абыякавы лёс іракскага народа, мы выступаем супраць тэрарызму і падтрымліваем барацьбу з гэтым злом. На жаль, сёння наш экспарт у Ірак складае ўсяго каля $30 млн, для нашых краін гэта не паказчык. У лепшыя гады супрацоўніцтва ён дасягаў $500 млн", - дадаў ён.
Беларускі парламентарый выказаў надзею, што сённяшняя сустрэча стане пачаткам аднаўлення тых двухбаковых кантактаў, якія былі паміж краінамі раней, і пакажа перспектыву развіцця гандлёва-эканамічных адносін.
Плануецца, што сёння Хасан Хамадані таксама правядзе сустрэчы з кіраўніцтвам Савета Рэспублікі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства аховы здароўя і Мінадукацыі. Таксама праграмай візіту прадугледжана наведванне Мінскага трактарнага завода, Нацыянальнай бібліятэкі, музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.