24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. I Беларуска-іспанскі бізнес-форум, які праходзіць у Мінску, паказвае разуменне Беларусі як краіны на стыку дзвюх эканамічных сістэм. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэты форум - выдатная ілюстрацыя новага стаўлення да Беларусі, разумення Беларусі як краіны на стыку дзвюх вялікіх эканамічных сістэм. Мы адкрываем для еўрапейцаў еўразійскі рынак, а партнёры адкрываюць для нас магчымасці еўрапейскага рынку, - адзначыў Уладзімір Улаховіч. - У шэрагу падзей, якія адбываюцца ў нашым эканамічным жыцці, гэта важны форум. Буйныя еўрапейскія прамысловыя краіны ідуць насустрач Беларусі. Гэта вельмі важны пазітыўны сігнал".
Намеснік старшыні БелГПП звярнуў увагу, што іспанская дэлегацыя прадстаўлена рознымі сектарамі эканомікі - пачынаючы ад IT-тэхналогій і заканчваючы будаўнічай сферай, вытворчасцю станкоў, абсталявання. З беларускага боку для ўдзелу ў форуме зарэгістраваліся 60 кампаній. "Форум адкрывае вялікія магчымасці для абодвух бакоў", - лічыць ён.
У сваю чаргу галоўны гандлёвы і эканамічны саветнік пасольства Іспаніі ў Расіі Луіс Кача Кесада адзначыў, што іспанскія прадпрыемствы нацэлены на даследаванне таго, што можа прапанаваць беларускі рынак. "З гэтага пункту гледжання найбольшы інтарэс мае развіццё адносін у Еўразійскім эканамічным саюзе і Еўрапейскім саюзе", - сказаў ён.
Прадстаўнік іспанскага пасольства ў Расіі дадаў, што форум, які праходзіць у Мінску, садзейнічае развіццю адносін паміж дзвюма дзяржавамі, галоўным чынам - у бізнес-сферы.