18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі будуць ствараць рабочыя месцы для спецыялістаў заўтрашняга дня. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся сёння з працоўным калектывам СААТ "Камунарка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі будуць "ствараць рабочыя месцы для добрых спецыялістаў - спецыялістаў заўтрашняга дня, і да гэтага трэба рыхтаваць нашых дзяцей". Цяпер для таго, каб быць канкурэнтаздольным на рынку працы, чалавеку трэба пастаянна ўдасканальваць веды і ўменні, расці ў прафесійным плане, упэўнены Прэзідэнт.
Пры гэтым у Беларусі, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, не дадуць у крыўду людзей, у якіх ужо 20-30-гадовы стаж за плячамі. Такія спецыялісты спакойна дапрацуюць да пенсіі і змогуць працаваць далей. "Але пастаянна будзе гэта канкурэнцыя рабочай сілы. Так усюды", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Развіваючы тэму сучасных рабочых месц, кіраўнік дзяржавы сказаў, што стварэннем супервытворчасцей Беларусь забяспечвае сваёй прадукцыі канкурэнтаздольнасць на рынку. "Калі мы яе не будзем ствараць і мадэрнізавацца, нам заўтра на рынку рабіць будзе няма чаго, мы нічога не прададзім", - дадаў ён. Што датычыцца "Камунаркі", то на гэтым прадпрыемстве ёсць усе рэсурсы - і матэрыяльныя, і кадравыя - для таго, каб вырабляць і паспяхова рэалізоўваць свой тавар, адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі ніхто не застанецца без работы, і звярнуў увагу, што па яго даручэнні ў гэтым годзе будзе створана 50 тыс. рабочых месц.