5 верасня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый Цзінь Ліцюнь упэўнены, што Беларусь стане вельмі добрым партнёрам банка. Аб гэтым ён заявіў журналістам пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта мой першы візіт у Беларусь. У нас адбылася вельмі плённая сустрэча з Прэзідэнтам. Мы абмяркоўвалі магчымасці нашага супрацоўніцтва і тую ролю, якую можа адыграць наш банк у далейшым сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, - сказаў ён. - Пасля гэтага візіту я настроены аптымістычна. Я ўпэўнены, што Беларусь стане вельмі добрым партнёрам нашага банка".
У час паездкі адбыліся перагаворы і сустрэчы ва ўрадзе, з прадстаўнікамі міністэрстваў, банкаў, а таксама наведванне беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Хачу сказаць, што беларусам пашанцавала: у іх надзейнае, моцнае кіраўніцтва, вельмі матываваны ўрад, ды і самі беларусы вельмі працавітыя людзі. Для нас будзе гонар працаваць з такой нацыяй", - падзяліўся Цзінь Ліцюнь.
Ён адзначыў стратэгічна важнае размяшчэнне Беларусі з пункту гледжання геаграфіі. "Гэта своеасаблівы мост паміж Еўропай і Азіяй, таму транспартная сістэма і яе развіццё выходзяць на першае месца", - сказаў кіраўнік АБІІ. Па гэтай прычыне банк вырашыў падтрымаць праект будаўніцтва дарогі Лепель - Полацк.
Цзінь Ліцюнь расказаў, што застаўся пад вялікім уражаннем ад наведвання парка "Вялікі камень". "Усяго за 4 гады гэты парк ператварыўся ў нешта грандыёзнае, і нам хацелася б таксама зрабіць нешта для яго развіцця. У нас ужо ёсць ініцыятывы, ідэі. Мы іх абмяркуем у банку пасля вяртання", - растлумачыў ён.
Адказваючы на пытанне аб умовах прадастаўлення фінансавых сродкаў, кіраўнік АБІІ сказаў, што яны параўнальныя з умовамі іншых міжнародных банкаў. "Ведаю, што ў Беларусі складваюцца выдатныя адносіны з іншымі банкамі развіцця, але ў асобе нашага банка вы атрымліваеце новага партнёра і новую крыніцу фінансавання", - падкрэсліў ён.