22 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Умацаванне культурнага супрацоўніцтва садзейнічае развіццю ўсяго комплексу двухбаковых адносін, адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін, выступаючы 22 лютага на канцэрце з нагоды кітайскага Свята ліхтароў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат падкрэсліў, што гэта свята з'яўляецца традыцыйным і шырока адзначаецца ў Кітаі. Цяпер, калі беларуска-кітайскія адносіны развіваюцца больш актыўна, у Беларусі ўсё больш даведваюцца аб традыцыях Паднябеснай. І мерапрыемства з'яўляецца пацвярджэннем гэтага.
Рэктар БДУ Сяргей Абламейка таксама сказаў аб важнасці развіцця кантактаў паміж Беларуссю і Кітаем ва ўсіх сферах, у тым ліку ў культуры і адукацыі. Паводле яго слоў, у БДУ цяпер вучацца каля 800 кітайскіх студэнтаў.
На канцэрце выступілі беларускія і кітайскія студэнты і навучэнцы з ВНУ і школ, дзе вывучаецца кітайская мова. У іх выкананні гучалі нацыянальныя і сучасныя кітайскія песні, апладысментамі сустракаліся і танцавальныя нумары.
Арганізатарам Свята ліхтароў, якое прайшло ў ліцэі БДУ, выступіў Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ пры падтрымцы пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі.