8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускае кіно набывае свае інтанацыі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА, характарызуючы цяперашні конкурс нацыянальнага кіно на "Лістападзе", дырэктар праграм ігравога кіно Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" Ігар Сукманаў.
Конкурс нацыянальнага кіно праходзіць на фестывалі "Лістапад" чацвёрты раз, і ёсць некаторае пачуццё задавальнення ад сфарміраванай праграмы, адзначыў субяседнік. "Мы з некаторым унутраным хваляваннем ставімся да беларускага кіно, таму што вельмі складана знайсці творы, якія маглі б выйсці за рамкі мясцовага і лакальнага. І калі з'яўляюцца работы, няхай невялікага фармату, і складваюцца ў праграму, - гэта вялікі плюс", - падкрэсліў Ігар Сукманаў.
На яго думку, цяперашняя беларуская конкурсная афіша сфарміравана з фільмаў рэжысёраў, якія адносяцца да так званага ціхага пакалення. "Магчыма, гэта яшчэ не тыя работы, якія будуць расхоплівацца кінафестывалямі або купляцца ў сусветныя кінапракаты. Але гэта карціны, якія маюць унікальныя інтанацыі. Яны ўжо сёння пачынаюць працаваць на пашырэнне межаў. Гэта ўсё, можа, недаўгавечна. Але задача фестывалю - прадоўжыць гэта, садзейнічаць таму, каб беларускі кінематограф атрымаў падтрымку", - лічыць эксперт.
Падтрымка на "Лістападзе", на яго погляд, у тым, што карціны - удзельніцы нацыянальнага конкурсу атрымліваюць пэўны рэзананс, паколькі праграму глядзяць прафесіяналы з іншых краін. Значнай дапамогай можа быць дэманстрацыя фільмаў на тэлеэкранах і ў кінатэатрах, таму што для кожнага аўтара гэта важна для акумуліравання сіл, каб узяцца за наступны праект.
У нацыянальным конкурсе XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" прымае ўдзел 31 фільм. Так, у нацыянальным конкурсе ігравога кіно заяўлена 9 карцін. На статус падзеі ў беларускім кіно прэтэндуе фільм "Заўтра" Юліі Шатун. Гэта карціна таксама ўдзельнічае ў конкурсе "Маладосць на маршы" і, на думку крытыкаў, дастойна ўпісваецца ў палітру сучаснага еўрапейскага кіно. У конкурсе дакументальнага кіно заяўлена 12 карцін, анімацыйнага - 10. Свае работы прадставілі маладыя і вядомыя рэжысёры. Паказы фільмаў нацыянальнага конкурсу "Лістапада-2017" праходзяць у кінатэатры "Беларусь" 7-9 лістапада.
XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" праходзіць з 3 па 10 лістапада пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць". Дырэкцыя кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.