1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
У Беларусі будзе расці колькасць тэхнапаркаў, заявіў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін 31 кастрычніка ў эфіры тэлеканала Беларусь 1, паведамляе БЕЛТА.Адказваючы на пытанне, ці будзе павялічвацца колькасць тэхнапаркаў у Беларусі, старшыня ДКНТ адзначыў, што будзе. "Сёння ўжо створаны тэхнапарк у Пінску, ідзе прапрацоўка стварэння тэхнапаркаў у Барысаве і Оршы, разглядаюцца і іншыя гарады", - сказаў ён.
Аляксандр Шумілін удакладніў, што ў Беларусі дзейнічаюць 19 суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, 10 тэхнапаркаў. "Мы ствараем тую пляцоўку для інавацыйнага прадпрымальніцтва, дзе інжынеры, вынаходнікі маглі б сваю ідэю ператварыць у доследны ўзор, а потым атрымаць адпаведныя інвестыцыі і наладзіць вытворчасць", - расказаў ён.
Старшыня ДКНТ таксама звярнуў увагу, што ў 2017 годзе ўпершыню за апошнія пяць гадоў былі прафінансаваны ўсе прыкладныя даследаванні, якія паступілі ад вучоных і прайшлі дзяржаўную экспертызу. "Мы плануем, што і ў 2018 годзе ўсе прыкладныя даследаванні будуць прафінансаваны дзяржавай у поўным аб'ёме", - дадаў ён.