14 кастрычніка, Мінск /Аксана Каруна - БЕЛТА/. Падтрымка дзяржавай інстытута сям'і знаходзіць водгук у насельніцтва. Аб гэтым заявіў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац сёння на ўрачыстай цырымоніі ўручэння шматдзетным жанчынам Мінска ордэна Маці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзяржава шмат робіць для падтрымкі інстытута сям'і, мацярынства і дзяцінства: у нас будуюць дзіцячыя сады, школы, спартыўныя збудаванні, паліклінікі. Гэта знаходзіць водгук у сем'ях - штогод у сталіцы на 1 тыс. шматдзетных сем'яў становіцца больш", - сказаў мэр. Пры гэтым многія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, працуюць на вытворчасці, у сацыяльнай сферы. "Маці - гэта наш гонар і здабытак", - дадаў Андрэй Шорац.
Старшыня гарвыканкама ўручыў ордэн Маці 22 шматдзетным мінчанкам. Характэрна, што некаторыя з іх былі ў чаканні папаўнення складу сваіх сем'яў, на што мэр асобна звярнуў увагу, заўважыўшы, што "з такім насельніцтвам у нас усё будзе ў парадку".
Пры ўручэнні ордэна ўзнагароджаным з рэспубліканскага бюджэту выплачваецца аднаразовая грашовая сума ў памеры пяціразовага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (Br7,8 млн). Акрамя таго, удзельніцы ўрачыстай цырымоніі атрымалі падарункі і сертыфікаты ад спонсараў.
У сталіцы ордэнам Маці з улікам праведзенай сёння цырымоніі ўручэння ўзнагароджаны 559 шматдзетных мінчанак.
На ўліку ў органах сацыяльнай абароны Мінска знаходзяцца 10363 шматдзетныя сем'і. Траіх дзяцей выхоўваюць крыху больш за 9 тыс. сем'яў, чацвярых - 1 тыс., пецярых дзяцей - 186 сем'яў. Ёсць у Мінску і сем'і-рэкардсмены, у якіх падрастаюць 10 (1 сям'я), 11 (2 сям'і) і 12 дзяцей (1 сям'я).