24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэсць з дзевяці пацыентаў з COVID-19 пасля пералівання плазмы людзей, якія выздаравелі, пайшлі на папраўку, паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка пасля наведвання РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас ёсць хоць і невялікая, але станоўчая практыка. Паводле даных на ўчора, дзевяці пацыентам мы ўвялі плазму людзей, якія выздаравелі, і шэсць з іх сапраўды пайшлі на папраўку", - сказаў Ігар Петрышэнка. Антыцелы супраць віруса, якія ўтварыліся ў крыві донараў у выніку перанесенай інфекцыі, дапамагаюць спраўляцца з захворваннем іншым пацыентам, у якіх хвароба праходзіць у цяжкай і сярэднецяжкай форме.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка на нарадзе аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі падкрэсліў, што людзі, якія перахварэлі на гэту хваробу, могуць дапамагчы ў лячэнні іншых. "Гэта наш "залаты фонд", гэта людзі, у якіх мы бяром кроў, робім плазму і лечым людзей. Людзям, якія перахварэлі, трэба ганарыцца, што яны выстаялі, а не баяцца, што пра іх нешта скажуць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, гэта абсалютна здаровыя людзі, ім двойчы трэба сказаць дзякуй: за тое, што справіліся з хваробай і што па сваёй ініцыятыве прыйшлі здаць плазму, каб дапамагчы іншым.
На сёння выздаравелі 1120 пацыентаў пасля перанесенага COVID-19. Як адзначыў намеснік прэм'ер-міністра, многія з іх з'яўляюцца патэнцыяльнымі донарамі плазмы і могуць аказаць садзейнічанне ў хутчэйшым выздараўленні тых пацыентаў, якія маюць у ёй патрэбу.
У Беларусі функцыянуе цэласная сістэма донарства, краіна поўнасцю задавольвае свае патрэбнасці ў крыві і яе кампанентах. Ідзе пастаяннае аснашчэнне лабараторый.