28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Транзітная роля Беларусі стала больш важнай на фоне крызісу ва Украіне. Такое меркаванне выказаў 28 мая дырэктар Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі Юрый Шаўцоў на канферэнцыі "Мінск пасля Рыгі: форум аб рэформах, або як Беларусі адаптавацца і развівацца ў новых рэгіянальных кантэкстах", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Задача Беларусі адносна еўразійскай інтэграцыі гучыць сёння крыху па-новаму. Для нас яна цяпер мае значна большае значэнне, чым гэта было да пачатку ўкраінскай вайны", - лічыць эксперт.
На яго думку, украінскі крызіс, на жаль, абяцае быць доўгім. Ён змяніў мэты і задачы Беларусі ў еўразійскім кантэксце. "Безумоўна, застаецца той цывілізацыйны геапалітычны выбар, які зроблены ў нас народам у сярэдзіне 90-х гадоў на карысць саюза з Расіяй. Але ўдакладняюцца сучасныя задачы", - сказаў Юрый Шаўцоў. Ён лічыць, што сёння з'явілася больш задач па стрымліванні ўкраінскага крызісу, садзейнічанні стабілізацыі ў Расіі і павелічэнні транзітнага патэнцыялу самой Беларусі.
Юрый Шаўцоў лічыць, што ў цяперашніх умовах можа здарыцца так, што Беларусь у сваім напрамку можа стаць адзіным мостам паміж Усходам і Захадам. У сувязі з гэтым асаблівую актуальнасць набывае праект "Шаўковага шляху", які развіваецца Кітаем.