15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Еўропы спадзяецца, што Беларусь у будучым можа стаць членам СЕ, заявіў сёння дырэктар і юрыдычны саветнік Дэпартамента прававых пытанняў і міжнароднага публічнага права СЕ Ёрг Палякевіч на канферэнцыі па прававых стандартах і сістэме пагадненняў і канвенцый Савета Еўропы ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спадзяёмся, што гэта адбудзецца ў будучым", - дадаў Ёрг Палякевіч.
Ён таксама адзначыў: "Упэўнены, што супрацоўніцтва з уладамі Беларусі і беларускім народам дасць магчымасць больш уключыць Беларусь у супольнасць еўрапейскіх дзяржаў".
Палякевіч пазітыўна ацаніў факт далучэння Беларусі да некаторых дакументаў СЕ. У прыватнасці, ён сказаў, што краіна ўдзельнічае ў Канвенцыі аб прызнанні кваліфікацый, якія адносяцца да вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскім рэгіёне. Эксперт падкрэсліў, што дакумент даў магчымасць Беларусі далучыцца да Балонскага працэсу.
Прадстаўнік Савета Еўропы таксама адзначыў, што СЕ прадстаўлены ў Беларусі праз свой Інфармацыйны пункт, які арганізуе розныя канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. Апошнім часам ён актывізаваў сваю работу і закранае ўсё большую аўдыторыю з дзяржорганаў і розных слаёў насельніцтва.
Акрамя таго, Ёрг Палякевіч звярнуў увагу, што Беларусь мае багатую юрыдычную гісторыю. У часы Вялікага Княства Літоўскага быў створаны Статут ВКЛ, які ў тым ліку стаў узорам заканатворчасці для іншых дзяржаў.
Спецыялізаваная канферэнцыя па прававых стандартах і сістэме пагадненняў і канвенцый Савета Еўропы праходзіць у Беларускім дзяржаўным універсітэце 15-16 верасня. Яна арганізавана Інфармацыйным пунктам СЕ ў Мінску і БДУ пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі. У канферэнцыі прымаюць удзел эксперты Савета Еўропы, а таксама прадстаўнікі беларускіх дзяржорганаў, юрыдычнай і акадэмічнай супольнасцей, грамадскіх арганізацый.