29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прымае актыўны ўдзел у дзейнасці ААН, асабліва ў такіх галінах, як гандаль людзьмі, процідзеянне насіллю ў сям'і, абарона правоў дзяцей, зніжэнне наступстваў чарнобыльскай аварыі, а таксама ў сферы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў рэзідэнт/каардынатар ААН/ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха на міжнароднай канферэнцыі "Умацаванне тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і ААН у сферы развіцця: падвядзенне вынікаў, новыя перспектывы і магчымасці", якая адбываецца сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Санака Самарасінха выказаў удзячнасць ураду Беларусі за прыхільнасць да супрацоўніцтва з ААН як у краіне, так і на сусветнай арэне.
"Згодна з данымі ААН у сферы чалавечага развіцця, Беларусь займае верхні радок у спісе краін з сярэднім узроўнем даходу, - падкрэсліў Санака Самарасінха. - Каб працэс развіцця быў больш эфектыўным і дзейсным, трэба вызначыць новыя падыходы да работы - гэта павінен быць сумесны працэс, прыняцце сумесных рашэнняў".
Удзельнікі канферэнцыі адзначаюць актуальнасць далейшага развіцця дыялогу паміж замежнымі партнёрамі, агенцтвамі ААН і зацікаўленымі бакамі на нацыянальным узроўні, а таксама важнасць наватарскіх падыходаў у дачыненні да існуючых і новых партнёрскіх адносін у галіне развіцця. На форуме будуць прааналізаваны вынікі ўзаемадзеяння паміж беларускімі і міжнароднымі партнёрамі і вопыт, набыты у працэсе рэалізацыі праектаў тэхнічнай дапамогі.
Як вядома, у Беларусі распрацоўваецца Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года і Нацыянальны план развіцця на 2016-2020 гады. ААН гатова падтрымаць намаганні краіны ў галіне развіцця.
Урад, ААН, іншыя зацікаўленыя бакі, уключаючы грамадзянскую супольнасць, прыватны сектар і навуковую супольнасць, ушчыльную займаюцца падрыхтоўкай наступнай Рамачнай праграмы ААН па аказанні дапамогі ў мэтах развіцця на 2016-2020 гады. Падпісанне першай рамачнай праграмы (на 2011-2015 гады) унесла значны ўклад у каардынацыю, аптымізацыю і гарманізацыю донарскіх рэсурсаў на рэалізацыю праектаў агенцтваў ААН у рэспубліцы. Агульная сума рэсурсаў, мабілізаваных у выглядзе грантаў на падтрымку рэалізацыі першай рамачнай праграмы, склала $490 млн. Новая рамачная праграма сканцэнтруе ўвагу на чатырох найбольш важных для краіны галінах: устойлівае эканамічнае развіццё; інклюзіўнае, адказнае і падсправаздачнае кіраванне; абарона і рацыянальнае выкарыстанне навакольнага асяроддзя, заснаванае на прынцыпах "зялёнай" эканомікі; устойлівае развіццё чалавечага капіталу з упорам на здароўе, адукацыю, сацыяльную ўключанасць і сацыяльную абарону.
Канферэнцыя арганізавана Міністэрствам замежных спраў і Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у Беларусі. У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўрада і дзяржаўных устаноў, недзяржаўных арганізацый, прыватнага сектара, навуковай супольнасці і рэлігійных арганізацый, а таксама 21 арганізацыі сістэмы ААН, прысутнічаюць эксперты 10 краін-партнёраў, якія займаюцца ў рэспубліцы рэалізацыяй міжнароднай дапамогі ў мэтах развіцця.