6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Саюзнай дзяржаве гарантыі бяспекі павінны быць узаемнымі. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў перад пасяджэннем у Мінску Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Першапачаткова была ідэя аб гарантыях бяспекі з боку Расіі ў адносінах да Беларусі, але мы жывём у Саюзнай дзяржаве, і калі мы партнёры, надзейныя саюзнікі і браты, то гарантыі павінны быць узаемнымі. У духу гэтага і выбудаваны дагавор", - сказаў Максім Рыжанкоў, каменціруючы падрыхтаваны Беларуссю і Расіяй дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Паводле яго слоў, палажэнні дакумента цалкам задавольваюць абодва бакі.
"Першапачаткова мы зыходзілі з таго, што калі мы адзін аднаго падтрымліваем, то падтрымліваем усім арсеналам, што ў нас ёсць", - дадаў міністр.
"І "Арэшнікам" у тым ліку?" - удакладнілі журналісты.
"Атрымліваецца, так", - адказаў Максім Рыжанкоў.