13 кастрычніка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота станоўча ацэньвае рашэнне ЕС аб прыпыненні на 4 месяцы дзеяння санкцый адносна Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам перад пачаткам другога Аўстрыйска-беларуска-расійскага бізнес-форуму, які праходзіць у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Станоўчы факт (рашэнне аб прыпыненні дзеяння санкцый. - Заўвага БЕЛТА). Я наогул не веру ў такі інструмент міждзяржаўных адносін, як санкцыі. Асабліва калі ўзнікаюць нейкія праблемы і не вычарпаны ўсе астатнія магчымасці для іх урэгулявання. Санкцыі - не самы эфектыўны спосаб", - адзначыў Рыгор Рапота.
Ён канстатаваў, што развіццё Беларусі адбывалася і ў час дзеяння санкцый. "Былі санкцыі адносна Ірана. Дарэчы, Расія заўсёды выступала супраць гэтага. Іран развіваўся і даволі дынамічна. Гэта даволі сумніўны інструмент. Павінны быць нейкія іншыя інструменты ўздзеяння, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, але толькі са згоды ААН і іншых міжнародных арганізацый. Такія лакальныя аднабаковыя санкцыі неэфектыўныя і, я нават сказаў бы, шкодныя", - рэзюмаваў ён.
Другі Аўстрыйска-беларуска-расійскі бізнес-форум арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, Гандлёва-прамысловай палатай Расіі і Федэральнай палатай эканомікі Аўстрыі. Праграма ўключае пленарнае пасяджэнне і тры секцыі "Энергетыка, інфраструктура і лагістыка", "Сельская гаспадарка і прадукты харчавання" і "ЕС - ЕАЭС: перспектывы ўзаемадзеяння бізнес-асацыяцый у рамках еўрапейскіх і еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў". Адбудуцца таксама індывідуальныя перагаворы паміж бізнесменамі Аўстрыі, Беларусі і Расіі.