2 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Вынікі сумесных намаганняў Беларусі і Расіі па будаўніцтве Саюзнай дзяржавы становяцца ўсё больш адчувальнымі. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у віншавальнай тэлеграме Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Крамля.
Прэзідэнт Расіі асабліва адзначыў наладжанасць механізмаў каардынацыі знешняй і абароннай палітыкі дзвюх дзяржаў, іх навукова-тэхнічныя, гуманітарныя, міжрэгіянальныя сувязі, якія дынамічна развіваюцца.
Уладзімір Пуцін указаў на важнасць вопыту, назапашанага Беларуссю і Расіяй у працэсе саюзнага будаўніцтва, які дапамагае ў развіцці інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў больш шырокім фармаце на еўразійскай прасторы.
"Прэзідэнт Расіі таксама выказаў упэўненасць, што дзяржавы, дзейнічаючы разам, забяспечаць далейшае ўмацаванне саюзніцкіх расійска-беларускіх адносін, узаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах на карысць брацкіх народаў", - адзначылі ў прэс-службе.