25 лютага, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Саюзная дзяржава становіцца драйверам інтэграцыйных працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што "Саюзная дзяржава развіваецца паспяхова і ў вядомай ступені нават становіцца драйверам развіцця інтэграцыйных працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы".
Уладзімір Пуцін падзякаваў Аляксандру Лукашэнку як палітычнаму дзеячу, які стаяў ля вытокаў Саюзнай дзяржавы. "Менавіта з вас і з Барыса Мікалаевіча Ельцына гэты працэс быў пачаты", - сказаў ён.
"Мы сёння маем магчымасць зрабіць наступныя крокі ў развіцці нашых асаблівых адносін", - сказаў Уладзімір Пуцін і выказаў упэўненасць, што сённяшняя работа будзе добрым штуршком для прадаўжэння гэтага вельмі пазітыўнага і патрэбнага для Беларусі і Расіі працэсу. Прэзідэнт Расіі таксама адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі да сённяшняга ВДС.