9 мая, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Важна, каб моладзь не забывала пра гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з ветэранамі пасля ўскладання вянкоў на плошчы Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка з цеплынёй паразмаўляў з ветэранамі, пацікавіўся, якія пытанні іх хвалююць, павіншаваў з Днём Перамогі і пажадаў доўгіх гадоў жыцця. Удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам становіцца ўсё менш, і, як падкрэсліў Прэзідэнт, важна, каб падрастаючае пакаленне пра іх не забывала. "Моладзь неабходна трымаць у полі зроку", - сказаў у сувязі з гэтым Прэзідэнт.
У свой час у Беларусі для вучняў быў уведзены курс па Вялікай Айчыннай вайне, і гэта прыносіць свой плён, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар сустрэўся таксама з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, павіншаваў іх з Днём Перамогі.
Прэзідэнт Беларусі ўсклаў сёння вянок да манумента Перамогі. Да Вечнага агню ўскладзены таксама вянкі ад Савета Міністраў і абедзвюх палат парламента, кіраўнікоў дзяржорганаў, прадстаўнікоў замежнага дыпламатычнага корпуса, маладзёжных і грамадскіх аб'яднанняў. Памяць аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі мінутай маўчання. На плошчы Перамогі адбыўся ўрачысты марш з удзелам роты і аркестра ганаровай варты, а таксама прайшло тэатралізаванае выступленне.