16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі расце цікавасць публікі да музеяў, паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў на круглым стале "Музеі ў Беларусі: сёння і заўтра", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Людзі сёння ідуць у музей. Іх не трэба агітаваць. Штогод у рэспубліцы з'яўляюцца 1-2 музеі, акрамя дзяржаўных адкрываюцца і ведамасныя, прыватныя, - адзначыў Уладзімір Пракапцоў. - Расце цікавасць і да творчых сустрэч, канферэнцый, семінараў, якія датычацца як тэмы музейнай справы, так і іншых тэм культуры".
Запатрабаванасць музеяў тлумачыцца таксама такім важкім аргументам, як арганізацыя цікавых праектаў. Гэта магчыма ў супрацоўніцтве з партнёрамі. Уладзімір Пракапцоў прывёў з вопыту НММ красамоўны прыклад - выстаўку "Вынаходствы да Вінчы", арганізаваную ў мінулым годзе сумесна з "Берын Арт Менеджмент". Пра поспех супрацоўніцтва сведчаць лічбы: за тры месяцы яе наведалі 47 тыс. чалавек. Супрацоўніцтва прадаўжаецца, і сёння госці музея могуць азнаёміцца з выстаўкай "Гоя... Пікаса". Як адзначыў кіраўнік "Берын Арт Менеджмент" Максім Берын, на гэтай выстаўцы пабывалі ўжо амаль 18 тыс. чалавек, што з'яўляецца дастаткова высокім паказчыкам.